Кніга Судзьдзяў, разьдзел 8
- І сказалі яму Яфрэмляне: навошта ты гэта зрабіў, што не паклікаў нас, калі ішоў ваяваць з Мадыяніцянамі? І моцна пасварыліся зь ім.
- Гедэон адказваў ім: ці зрабіў я што такое, як вы сёньня? ці шчасьлівей Яфрэм дабіраў вінаград, чым Авіезэр абіраў?
- У вашыя рукі аддаў Бог князёў Мадыямскіх Арыва і Зіва, і што мог я зрабіць такое, як вы? Тады супакоіўся дух іхні супроць яго, калі сказаў ён ім такія словы.
- І прыйшоў Гедэон да Ярдана, і перайшоў сам і трыста чалавек, якія былі зь ім. Яны былі стомленыя, перасьледуючы ворагаў.
- І сказаў ён жыхарам Сакхота: дайце хлеба народу, які ідзе за мною; яны стаміліся, а я перасьледую Зэвэя і Салмана, цароў Мадыямскіх.
- Князі Сакхота сказалі: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб войску твайму даваць хлеб?
- І сказаў Гедэон: за гэта, калі аддасьць Гасподзь Зэвэя і Салмана ў рукі мае, я разарву цела ваша цярноўнікам пустынным і малацільнымі зубчатымі дошкамі.
- Адтуль пайшоў ён у Пэнуэл і тое самае сказаў жыхарам яго, і жыхары Пэнуэла адказвалі яму тое самае, што адказвалі жыхары Сакхота.
- Ён сказаў і жыхарам Пэнуэла: калі я вярнуся ў міры, разбуру вежу гэтую.
- А Зэвэй і Салман былі ў Каркоры і зь імі іхняе рушэньне да пятнаццаці тысяч, усё, што засталося з усяго рушэньня жыхароў усходу; а загінула сто тысяч чалавек, што агалялі меч.
- Гедэон пайшоў да тых, што жылі ў намётах на ўсход ад Новы і Ёгбэгі і пабіў табар, калі табар стаяў бясьпечна.
- Зэвэй і Салман пабеглі; ён пагнаўся за імі і схапіў абодвух цароў Мадыямскіх, Зэвэя і Салмана, і ўвесь табар увёў у замяшаньне.
- І вярнуўся Гедэон, сын Ёаса, з вайны ад узвышша Херэса.
- І захапіў хлопца з жыхароў Сакхота і выпытаў у яго; і ён напісаў яму князёў і старэйшын Сакхоцкіх семдзесят сем чалавек.
- І прыйшоў ён да жыхароў Сакхоцкіх і сказаў: вось Зэвэй і Салман, за якіх вы пасьмяяліся зь мяне, кажучы: хіба рука Зэвэя і Салмана ўжо ў тваёй руцэ, каб мы давалі хлеб стомленым людзям тваім?
- І ўзяў старэйшын горада і церне пустэльнае і зубчатыя малацільныя дошкі і пакараў імі жыхароў Сакхота;
- і вежу Пэнуэльскую разбурыў і перабіў жыхароў горада.
- І сказаў Зэвэю і Салману: якія былі тыя, якіх вы забілі на Фаворы? Яны сказалі: яны былі такія, як ты, кожны з выгляду сын царскі.
- Гедэон сказаў: гэта былі браты мае, сыны маці маёй! жывы Гасподзь: калі б вы пакінулі іх жывымі, я не забіў бы вас.
- І сказаў Эфэру, першынцу свайму: устань, забі іх. Але хлопец не дастаў меча свайго, бо баяўся, бо быў яшчэ малады.
- І сказалі Зэвэй і Салман: устань сам і забі нас, бо па чалавеку і сіла ягоная. І ўстаў Гедэон, і забіў Зэвэя і Салмана, і ўзяў спражкі, якія былі на шыях у вярблюдаў іхніх.
- І сказалі Ізраільцяне Гедэону: валодай намі ты і сын твой і сын сына твайго, бо ты выратаваў нас з рук Мадыяніцянаў.
- Гедэон сказаў ім: ні я ня буду валодаць вамі, ні мой сын ня будзе валодаць вамі; Гасподзь хай валодае вамі.
- І сказаў ім Гедэон: прашу ў вас аднаго, дайце мне кожны па завушніцы са здабычы сваёй.
- Яны сказалі: дамо. І паслалі вопратку і кідалі туды кожны па завушніцы са здабычы сваёй.
- Вагі ў залатых завушніцах, якія ён выпрасіў, было тысяча сямсот залатых сікляў, апрача спражак, гузікаў і пурпуровых вопратак, якія былі на царах Мадыямскіх, і апрача ланцужкоў, якія былі на шыі ў вярблюдаў іхніх.
- З гэтага зрабіў Гедэон эфод і паклаў яго ў сваім горадзе, у Офры, і пачалі ўсе Ізраільцяне блудна хадзіць туды за ім, і быў ён сеткаю Гедэону і ўсяму дому ягонаму.
- Так упакорыліся Мадыяніцяне сынам Ізраіля і не падымалі ўжо галавы сваёй, і сьцішылася зямля на сорак гадоў у дні Гедэона.
- І пайшоў Ераваал, сын Ёасаў, і жыў у доме сваім.
- У Гедэона было семдзесят сыноў, што пайшлі ад сьцёгнаў ягоных, бо ў яго было многа жонак.
- Таксама і наложніца, якая жыла ў Сіхеме, нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Авімэлэх.
- І памёр Гедэон, сын Ёасаў, у глыбокай старасьці, і пахаваны ў магіле бацькі свайго Ёаса, у Офры Авіезэравай.
- Калі памёр Гедэон, сыны Ізраілевыя зноў пачалі блудна хадзіць сьледам за Вааламі і паставілі сабе за бога Ваалвэрыта;
- і ня ўзгадвалі сыны Ізраілевыя Госпада Бога свайго, Які выбаўляў іх з рук усіх ворагаў навокал іх;
- і дому Ераваалаваму, альбо Гедэонаваму, не зрабілі міласьці дабрачынствы, якія ён зрабіў Ізраілю.
|
Выбор перевода и языка
|