Другая Летапісаў, разьдзел 4
 
- І зрабіў медны ахвярнік; дваццаць локцяў даўжыня яго і дваццаць локцяў шырыня яго і дзесяць локцяў вышыня яго.
 - І зрабіў мора літое, — ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў, — усё круглае, вышынёю ў пяць локцяў; і шнурок у трыццаць локцяў абдымаў яго вакол;
 - і літыя падабенствы валоў стаялі пад ім вакол з усіх бакоў; на дзесяць локцяў акружалі мора вакол два рады валоў, вылітых адным ліцьцём зь ім.
 - Стаяла яно на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач і тры глядзелі на захад, і тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход, — і мора на іх зьверху; а зады іхнія былі павернуты ўсярэдзіну пад яго.
 - Таўшчынёю яно было ў далонь; і краі яго, зробленыя як берагі чары, былі падобныя на расьцьвілую лілею. Яно ўбірала да трох тысяч батаў.
 - І зрабіў дзесяць умывальніц, і паставіў пяць з правага боку і пяць зь левага, каб абмываць у іх, — што рыхтавалі да цэласпаленьня, абмывалі ў іх; а мора — сьвятарам, каб яны абмываліся ў ім.
 - І зрабіў дзесяць залатых сьвяцільняў, як ім быць належала, і паставіў у храме пяць з правага боку і пяць зь левага.
 - І зрабіў дзесяць сталоў і паставіў у храме, пяць з правага боку і пяць зь левага, і зрабіў сто залатых чараў.
 - І зрабіў сьвятарскі двор і вялікі двор і дзьверы ў двор, і вяроўкі іх абклаў медзьдзю.
 - Мора паставіў з правага боку, на паўднёвы ўсход.
 - І зрабіў Хірам балеі і лапаткі і чары. І скончыў Хірам працу, якую рабіў цару Саламону ў доме Божым:
 - два слупы і дзьве апаяскі вянкоў наверсе слупоў, і дзьве сеткі для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў.
 - І чатырыста гранатавых яблыкаў на дзьвюх сетках, два рады гранатавых яблыкаў для кожнай сеткі, для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія на слупах.
 - І падставы зрабіў ён і ўмывальніцы зрабіў на падставах;
 - адно мора, і дванаццаць валоў пад ім,
 - і балеі, і лапаткі, і відэльцы, і ўвесь прыбор іх зрабіў Хірам-Авій цару Саламону для дома Гасподняга з паліраванай медзі.
 - У навакольлі Ярдана выліваў іх цар, у гліністай зямлі, паміж Сакхотам і Цэрэдаю.
 - І зрабіў Саламон усе рэчы гэтыя ў вялікім мностве, так што ня ведалі вагі медзі.
 - Таксама зрабіў Саламон усе рэчы для дома Божага і залаты ахвярнік, і сталы, на якіх хлябы пакладныя,
 - і сьвяцільні і лампады іх, каб запальваць іх па статуце перад давірам, з чыстага золата.
 - і кветкі, і лампады, і абцугі з золата, з самага чыстага золата,
 - і нажы, і крапільніцы і чары, і латкі з золата самага чыстага; і дзьверы храма, — дзьверы яго ўнутраныя ў Сьвятое Сьвятых, і дзьверы храма ў сьвятыню, — з золата.
  
 
 
 | 
 Выбор перевода и языка
  
 |